Радок у вянок

x.jpg

У букіністычным магазіне купіў невялікага фармату, але даволі ёмкую кніжку, у якой 589 старонак: «Александр Вампилов. Избранное». Углядаюся ў партрэт пісьменніка­-драматурга: ці той Вампілаў?

Бегла, па звычцы бібліятэкара, праглядаю змест. Знайшоў нарыс «Сонца ў буславым гняздзе» і чытаю з першага да апошняга радка. Сумневаў ніякіх: кніжка таго пісьменніка, з якім я сустрэўся выпадкова 32 гады таму.

Ранняй вясной 1962 года наведаў я Краснаполле: працаваў на той час метадыстам Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна, і мяне цікавілі сельскія бібліятэкі. Калі даведаўся, што ў вёску Карма-­Пайкі выязджае тэатральны калектыў раённага Дома культуры, звярнуўся да рэжысёра Л.Лабаноўскага з просьбай узяць мяне пасажырам. Тым больш, што родам з гэтай вёскі сябра майго юнацтва Васіль Герашчанка. Хацелася паглядзець краявіды, хату, у якой ён нарадзіўся, пагутарыць з яго роднымі.

- Калі ласка! - сказаў Леанід Васільевіч. І дадаў: Тут з намі і журналіст­-стажор з Мінска едзе.

Здаецца, было названа і прозвішча журналіста, але з першага разу імёны я запамінаю рэдка.

У прызначаны час самадзейныя артысты ўладкаваліся ў кузаве аўтаклуба. Цеснавата, але, як кажуць, у цеснаце ды не ў крыўдзе.

- А дзе журналіст? - ціха пытаюся ў Лабаноўскага.

- Ды вунь ён, у кутку прымасціўся, таксама ціхім голасам адказвае Леанід Васільевіч.

Паглядзеў я больш уважліва і ўбачыў хударлявага, сціплага маладога чалавека, на выгляд - хлапчука, але з выразным позіркам. Ён сядзеў так сцішана, што дарогай на яго ніхто не звяртаў увагі. Самадзейныя артысты тэатра (яшчэ не народнага, народным ён стане пазней, калі рэжысёрам прыйдзе прафесійны артыст Валянцін Ермаловіч) паводзілі сябе свабодна: спявалі песні, жартавалі, дзяліліся мясцовымі навінамі.

У вёсцы Карма-­Пайкі падрулілі да драўлянага будынка сельскага клуба. Краснапольскія артысты выйшлі з машыны, кожны з іх заняўся сваёй справай, рыхтуючыся да вячэрняга спектакля.
Да клуба, вырашыўшы ўсе справы, я вярнуўся перад заходам сонца. Непадалёк басанож мітусіліся дзеці: для вёскі тэатр - з’ява адметная.

- А дзе журналіст? - пацікавіўся ў Лабаноўскага.

- Ды вунь ён, з дзятвой бегае. Ён у іх за верхавода, - з усмешкай адказаў рэжысёр.

Прыгледзеўся: сапраўды, вунь ён. Басанож ці не, сцвярджаць не бяруся, але, што закасаныя штаніны, было добра бачна. Хлапчукі ад журналіста не адыходзілі ні на крок. А ён усё нешта паказваў, расказваў.

Калі сонца закацілася за гарызонт і сваімі залацістымі промнямі асвятляла толькі верхавіны дрэў, журналіст­-верхавод у суправаджэнні хлапчукоў пайшоў у кірунку буславага гнязда на высокім дрэве…

Сцямнела. Да клуба сталі збірацца юнакі і дзяўчаты, а потым больш сталыя жыхары вёскі. Зала была цалкам запоўнена. Хлапчукам месца не знайшлося: яны прымасціліся знадворку, ля вокнаў, бо вельмі карцела паглядзець спектакль. Адзін момант там бачыў і журналіста. Але пазней ён быў ужо ў клубе.

Вяскоўцы спектакль па п’есе А. Макаёнка «Лявоніха на арбіце» успрымалі з захапленнем. Але нечакана згасла святло: зала і сцэна апынуліся ў поўнай цемры. Што рабіць? І раптам на сцэну з залы ўпаў прамень кішэннага ліхтарыка, потым другі, трэці… Ліхтарыкамі падсвечвалі сцэну і хлапчукі праз вокны. Самадзейныя артысты паспяхова закончылі спектакль. І гледачы, і артысты былі вельмі ўсхваляваныя.

Гэтую іх усхваляваную радасць журналіст А.Вампілаў выказаў потым у радках нарыса «Сонца ў буславым гняздзе», які 29 мая 1962 года надрукавала газета «Знамя юности». Таленавітасць і сціпласць аўтара тады мяне моцна ўзразілі. І прозвішча Вампілаў я запомніў назаўсёды.

Пазней паводле нарыса Вампілава рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра Валянцін Ермаловіч зробіць тэатральную пастаноўку, яе пакажуць нават па беларускім тэлебачанні.

У 1985 годзе ў Магілёў прыязджаў пісьменнік Яўген Сувораў з Іркуцка. Ён пэўны час працаваў у рэдакцыі адной з іркуцкіх газет разам з Аляксандрам Вампілавым. Гаварыў Сувораў, што сціпласць, чалавечнасць і дабрыня ніколі не пакідалі драматурга.

У той час я дзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з будучым драматургам у гутарках з Аляксеем Пысіным. Аляксей Васільевіч усё прасіў мяне: напішы пра тую сустрэчу ў газету. Але нешта мяне стрымлівала. А цяпер кніга навеяла ўспамін пра выдатнага драматурга. Ён для мяне зрабіўся быццам бы жывы. Дык няхай жа гэтыя мае сціплыя радкі - яму ў вянок!

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ